УСЕРАСІ́ЙСКАЯ НАДЗВЫЧА́ЙНАЯ КАМІ́СІЯ ПА БАРАЦЬБЕ́ З КОНТРРЭВАЛЮ́ЦЫЯЙ І БАНДЫТЫ́ЗМАМ (ВЧК),

орган дзярж. бяспекі ў Сав. дзяржаве ў 1917—22, які спалучаў функцыі спецслужбы і праваахоўнага органа.

Створана па ініцыятыве У.​І.​Леніна, паводле дэкрэта СНК ад 7(20).12.1917 у сувязі з актывізацыяй антысавецкай контррэвалюцыі і крымін. злачыннасці. ВЧК былі дадзены надзвычайныя паўнамоцтвы. Старшыня — Ф.Э.Дзяржынскі, інш. кіраўнікі — Г.​А.​Атарбекаў, В.Э.Кінгісеп, М.​Я.​Лаціс, В.Р.Мянжынскі, Я.​Х.​Петэрс, І.С.Уншліхт, М.​С.​Урыцкі, С.​Е.​Шчукін і інш.

У 1918 створаны мясц. органы ВЧК — губ., пав. (да студз. 1919), транспартныя, франтавыя і армейскія Надзвычайныя камісіі (ЧК). На ВЧК ускладаліся задачы па ліквідацыі контррэвалюцыі, сабатажу, барацьбе супраць спекуляцыі, злоўжыванняў па пасадзе і інш., перадача вінаватых суду Ваен.-рэв. трыбунала. У сувязі з увядзеннем пастановай СНК ад 5.9.1918 палітыкі масавага «чырвонага тэрору» ВЧК атрымала карныя, у т. л. судовыя, правы для яе ажыццяўлення. З паляпшэннем становішча на франтах і ўнутры краіны ў 1919 вынясенне прыгавораў па ўсіх справах ВЧК зноў перададзена трыбуналам (акрамя карных правоў на тэр., абвешчаных на ваен. становішчы, а таксама для спынення ўзбр. выступленняў). У грамадз. вайну ВЧК выкрыла і ліквідавала эсэраўскія і інш. антысавецкія арг-цыі («Саюз абароны радзімы і свабоды», «Саюз абароны Устаноўчага сходу» і інш.), выкрыла антысав. змовы («Нац. цэнтра», «Тактычнага цэнтра» і інш.).

На Беларусі з пач. 1918 ствараліся мясц. надзвычайныя камісіі (ЧК). 25.2.1918 створана ЧК Заходняй вобласці на чале в В.​І.​Яркіным, 29.4.1918 — Віцебская губ. ЧК, у маі — Магілёўская губ. ЧК, у маі—вер. 1918 — Аршанская, Гарадоцкая, Полацкая, Рагачоўская, Лепельская, Бешанковіцкая, Быхаўская, Мсціслаўская, Жлобінская і інш. пав. ЧК. У ліст. 1918 органы ВЧК ліквідавалі ў Магілёве контррэв. арг-цыю Святаполк-Мірскага і Эрастава, якая дапамагала зброяй укр. гетману П.П.Скарападскаму. З удзелам органаў і атрадаў ЧК у жн. 1918 разгромлены антыбальшавіцкія паўстанні ў Оршы і Сянне, вясной 1919 — у Гомелі, Рагачове, Карме, Горацкім пав.; у канцы мая 1921 у Гомелі выкрыты і ліквідаваны Зах. абл. к-т «Саюза абароны радзімы і свабоды» і падпарадкаваныя яму губ., пав. к-ты і валасныя ячэйкі на тэр. Гомельскай, Магілёўскай, Смаленскай губ.; разгромлены атрады антысав. паўстанцаў. Паводле рашэння IX з’езда Саветаў пастановай ВЦВК ад 6.2.1922 ВЧК скасавана, створана Дзярж. паліт. ўпраўленне (ДПУ) Наркамата ўнутр. спраў.

І.​С.​Барысаў.

т. 16, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)